Хрысьціяне Менску выйшлі на хрэсны ход супраць гвалту ў краіне. ФОТА
Каля 13-й гадзіны побач з архікатэдральным касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі сабраліся каля 70 чалавек: праваслаўныя з абразамі, каталікі з ружанцамі і пратэстанты зь Бібліямі. Чытаючы «Ойча наш», яны прайшлі ад плошчы Свабоды да галоўнага праваслаўнага храма сталіцы — Сьвята-Духавага сабору, дзе іх чакалі яшчэ прыкладна столькі ж чалавек.
На чале хрэснага ходу ішлі трое сэмінарыстаў і дыякан архікатэдральнага касьцёла Юры Рашатко. Гэта малітоўная акцыя. Яны вераць, што з дапамогай малітвы можна спыніць гвалт, які чыніцца ў краіне.
У Сьвята-Духавым саборы прайшла служба за Беларусь.
Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы (БПЦ) адмежаваўся ад гэтай акцыі. У паведамленьні БПЦ гаворыцца: «Заклікі, якія распаўсюджваюцца ў сетцы інтэрнэт, узяць удзел у акцыі так званага „хроснага ходу“ прадстаўнікоў розных хрысьціянскіх канфэсій зь Бібліямі і абразамі каля Сьвята-Духавага катэдральнага сабору ня мае дачыненьня да дзейнасьці Беларускай праваслаўнай царквы».
«Разам з тым пазыцыя Беларускай праваслаўнай царквы заключаецца ў тым, каб заклікаць да міру, паблажлівасьці і ўзаемаразуменьня бакі супрацьстаяньня, а не напальваць сытуацыю і падбухторваць да розных акцый. Беражыце сябе і сваіх блізкіх, не паддавайцеся на правакацыі і дзейнічайце ў межах закону хрысьціянскай любові і заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — заклікалі ў БПЦ.